ЦЯ́ЖКАСЦЕЙ МО́ЎНЫХ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, у якім падаюцца нарматыўныя фармальныя, зместавыя і функцыянальныя характарыстыкі моўных адзінак (афіксаў, слоў, словазлучэнняў), што ствараюць цяжкасці пры іх вусным і пісьмовым выкарыстанні. Падзяляюцца на 3 віды: слоўнікі лексічных цяжкасцей (напр., «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​М.​Грабчыкава, 1994; «Беларускія аднакарэнныя і сугучныя словы з рускімі адпаведнікамі» М.​Ф.​Смаршчок і Э.​І.​Барысаглебскай, 2002), слоўнікі грамат. цяжкасцей (напр., «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах» Г.​У.​Арашонкавай і В.​П.​Лемцюговай, 1991), комплексныя слоўнікі моўных цяжкасцей (напр., «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы», 1987; «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне», абодва 1994, Арашонкавай і Лемцюговай).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 17, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)